У Шаркоўшчыне з’явіўся помнік святару-пакутніку
Урачыстае асвячэнне і адкрыццё помніка-бюста праваслаўнаму святару-пакутніку Канстанціну Жданаву адбылося ў Шаркоўшчыне. Ён загінуў ад рук бальшавікоў у 1919 годзе і быў кананізаваны Праваслаўнай царквой у 2011 годзе.
На мерапрыемстве прысутнічалі праваслаўныя святары з розных прыходаў Віцебшчыны, асвячаў помнік архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
Як кажа святар-іерэй Ігар Лысянок, Канстанцін Жданаў з’яўляецца прыкладам для святароў і вернікаў, бо добрасумленна нёс свой крыж:
– Канстанцін Жданаў з’яўляецца маім земляком, у Свята-Успенскім храме мяне хрысцілі з самага ранняга дзяцінства. Я хадзіў у гэты храм, даведваўся пра гэтага святара, хацелася самому прыкласці трохі высілкаў, папрацаваць для таго, каб праславіць свайго земляка. Гэта мэта стала маёй дыпломнай працай, каб унесці маленькую лепту ад сябе ў праслаўленні гэтага святога навамучаніка.
У час мерапрыемства ў праваслаўных храмах адбыліся святочныя літургіі і хрэсны ход ад храма „Успення Найсвяцейшай Багародзіцы”, які будаваў Канстанцін Жданаў, да царквы „Усіх Тужлівых Радасць”. У падзеі прынялі ўдзел мясцовыя ўлады, школьнікі і жыхары раёна.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара