У Шчучыне адкрыюць помнік Шарлю дэ Голю



Помнік былому прэзідэнту Францыі Шарлю дэ Голю з’явіцца ў Шчучыне сёлета ў канцы восені. Ён будзе пастаўлены побач з заводам “Аўтапровад”.

Над помнікам працуюць скульптар Мікалай Байрачны і архітэктары Валерый Мусіенка і Алена Дзямід, якія выйгралі конкурс. Гэта будзе помнік, дзе былы прэзідэнт Францыі паўстане ў вобразе маладога капітана.

Ідэя ўвекавечыць імя славутага француза ўзнікла невыпадкова. Менавіта ў Шчучыне падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных разам з іншымі французскімі афіцэрамі знаходзіўся капітан Шарль дэ Голь – будучы генерал і прэзідэнт Францыі.

Да канца жніўня аўтары помніка выканаюць скульптуру ў поўную велічыню з мяккага матэрыялу, а пасля восенню яго адліюць з бронзы. Урачыстае адкрыццё помніка запланавана на лістапад.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя