У Шчучыне адзначаюць Дзень беларускага пісьменства



Дзень беларускага пісьменства адзначаецца 6 верасня ў Шчучыне, што  на Гарадзеншчыне. Свята пачалося а 8-ай гадзіне раніцы літургіяй у мясцовым храме. Былі ўручаны таксама літаратурныя прэміі. Са Шчучына паведамляе наш карэспандэнт:

– У межах святочных мерапрыемстваў быў урачыста адчынены адноўлены Палац князёў Друцкіх-Любецкіх. На ўрачыстасцях прысутнічалі высокія чыноўнікі, у тым ліку з беларускага ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта.

Падчас адкрыцця Дня беларускага пісьменства была ўпершыню ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. У намінацыі “Проза” яе атрымаў Уладзімір Саламаха за зборнік апавяданняў ваеннай тэматыкі. У намінацыі “Паэзія” прэмію атрымала рускамоўная паэтка Тамара Краснова-Гусачэнка за зборнік верашў “Сустрэчы”. І ў намінацыі “Крытыка” прэмію атрымаў Дзяніс Маціновіч за кнігу “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча”.

Святочныя мерапрыемствы праходзяць на розных пляцоўках. Выступаюць творчыя калектывы як з Гарадзеншчыны, так і ўсё Беларусі. Працуе Горад майстроў, а таксама арганізаваны майстар-класы па ганчарстве. На вуліцах горада  – гандаль рознымі вырабамі. Святкаванні скончацца позна ўвечары цырымоніяй перадачы эстафеты і канцэртам майстроў мастацтва.

Беларускае Радыё Рацыя, Шчучын