У Шчучыне павіншавалі Рычарда Бялячыца
27 лютага ў Шчучыне прайшла літаратурна-музычная сустрэча з нагоды віншавання мясцовага літаратара Рычарда Бялячыца. Імпрэза адбывалася ва ўтульнай прыгожай залі былога палаца князёў Друцкіх-Любецкіх і сабрала прыхільнікаў беларускага паэтычнага слова.
У госці да шчучынцаў прыехалі сябры гарадзенскага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Апошнія гады гэтая грамадская літаратурная арганізацыя вызначае лаўрэатаў адмысловай прэміі імя Анатоля Іверса. Рычард Бялячыц стаў яе лаўрэатам у 2020 годзе, але з-за эпідэміі каронавірусу віншаванне адбылося толькі зараз. На жаль, не змог прыехаць у Шчучын адзін з заснавальнікаў узнагароды, слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын.
Рычард Бялячыц вядомы як тонкі і лірычны паэт.
Хата пойдзе Шляхам Млечным,
Дзень утопіцца ў акне.
Ты ж карэннямі навечна
Ў маладосці
І ў ва мне…
(„На радзіме”)
У вершах паэта гучыць і філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці.
І будзе маліцца зямля
На ноч
І марозным світаннем
Малая радзіма мая
З каленяў ніколі не ўстане…
(„Малая радзіма”
Мне нажурчэла крыніца,
жаўранак цвердзіў пра гэта:
Штосьці павінна адбыцца
У сіняй бясконцасці свету…
(„Прадчуванне”)
На імпрэзе выступілі мастацкія калектывы і выканаўцы рознага ўзросту са Шчучына. Пару песень выканалі таксама гарадзенскія прадстаўнікі гурта NZ-Harodnia.
Cябры гарадзенскага адзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў на чале з старшынём Валянцінам Дубатоўкам павіншавалі лаўрэата.
Асабліва цёпла прысутныя сустракалі зусім юных выканаўцаў, якія спявалі беларускія песні.
Рычард Бялячыц прадставіў таксама новы зборнічак удзельнікаў шчучынскага паэтычнага салону „Краскі Прынямоння”. Раней вершы гэтых аўтараў друкаваліся на старонках абласнога альманаху „Новы Замак”.
Мясцовыя паэткі прачыталі свае вершы.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара