У Шчучыне плануюць усталяваць помнік Шарлю дэ Голю
Помнік прэзідэнту Францыі Шарлю дэ Голю плануюць усталяваць у Шчучыне ў 2020 годзе да 130-годдзя з дня нараджэння гістарычнай асобы.
Перспектывы дзеля ўшанавання памяці дэ Голя абмяркоўваліся ў ходзе нядаўняга візіту ў Шчучын амбасадара Францыі ў Беларусі Дыдзье Канесса.
Старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік і амбасадар Францыі Дыдзье Канесс.
Вядома, што ў гады Першай сусветнай вайны – з ліпеня па верасень 1916-га – Шарль дэ Голь утрымліваўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных на тэрыторыі сучаснага Шчучына.
Зараз на гэтым месцы стаіць цэх аўтатрактарных камплектаў завода „Аўтапровад”. Менавіта на гэтым будынку ўжо ў гэтым годзе будзе адкрыта памятная дошка. А ў перспектыве тут размесціцца інтэрактыўны музей.
«Тэма прысутнасці ў Шчучыне Шарля дэ Голя вельмі цікавая і важная для далейшага развіцця турыстычнай прывабнасці рэгіёну. Тым больш што Шчучын неўзабаве ўвойдзе ў бязвізавую зону. Упэўнены, што шчучынскі след генерала прыцягне ў наш горад шмат турыстаў і пасадзейнічае збліжэнню нашых народаў», – адзначыў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік.
Па словах Дыдзье Канесса, ён ужо атрымаў падтрымку ад Фонду Шарля дэ Голя для далейшых дзеянняў па ўвекавечанні яго памяці ў Шчучыне.