У Слоніме адбыўся абласны семінар па захаванні гістарычных помнікаў
У Слоніме, 4 снежня, адбыўся Гарадзенскі абласны семінар па пытаннях захавання гістарычных культурных каштоўнасцях Гарадзенскай вобласці. У ім прынялі ўдзел супрацоўнікі ідэалагічных упраўленняў райвыканкамаў вобласці, а таксама начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гарадзенскага аблвыканкама Павел Скрапко і начальнік упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, а таксама іншыя супрацоўнікі Гарадзенскага аблвыканкама.
Падчас семінара ішла сур’ёзная гутарка пра захаванне, фінансаванне і ахову каштоўных архітэктурных і іншых помнікаў на тэрыторыі Гарадзеншчыны. Пра стан помнікаў у сваіх выступленнях распавядалі супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў са Слоніма, Шчучына, Ашмянаў, Смаргоні і іншых гарадоў. Дарэчы, у наступным годзе ў Шчучыне адбудзецца рэспубліканскае свята беларускага пісьменства і друку, а ў Дзятлаве – абласныя дажынкі. Таму шмат сродкаў на добраўпарадкаванне і рэстаўрацыю многіх помнікаў, вуліц і плошчаў у першую чаргу пойдуць у гэтыя гарады.
Удзельнікі семінара пазнаёміліся з архітэктурнымі помнікамі Слоніма, а таксама прынялі ўдзел у афіцыйным адкрыцці каля будынку Слонімскага драматычнага тэатра мармуровай калоны з тэкстам: “З нагоды адкрыцця будынку тэатра”. Калону ўстанавілі каля ўваходу ў тэатр і яна гарманічна ўпісалася ў архітэктуру горада.
Калону для тэатра зрабілі, устанавілі і падаравалі супрацоўнікі мясцовай фірмы “Гранві”. Найперш парупіўся яе дырэктар Уладзімір Вількіцкі, які не першы раз для роднага горада робіць падарункі. Дарэчы, дзякуючы яму і мясцоваму скульптару Леаніду Богдану сёлета на адной са сцен тэатра адкрылася мемарыяльная шыльда, прысвечаная былому старосце слонімскаму Міхалу Казіміру Агінскаму.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара.