У Слоніме адкрылася галерэя “АртБуш”
У вялікім прыватным доме беларускага мастака, сябра Саюза мастакоў Беларусі Міколы Бушчыка ў Слоніме ў мікрараёне Альбярцін адкрылася галерэя “АртБуш”. Галерэя створана гаспадарамі дома Міколам Бушчыкам і яго жонкай Святланай Бушчык, якая ўзначальвае Слонімскае ТБМ.
Мэта стварэння галерэі “АртБуш”— сустрэчы з цікавымі і таленавітымі людзьмі Слонімшчыны, Гарадзеншчыны і ўсёй Беларусі, а таксама Еўропы. Па словах Міколы і Святланы Бушчыкаў, у перспектыве ў галерэі “АртБуш” плануюцца таксама выставы мастакоў, знаёмствы з творчасцю таленавітых людзей мастацтва.
Адкрыў галерэю “АртБуш” літаратар, гісторык, краязнавец і журналіст Сяргей Чыгрын. Вядомы слонімец пазнаёміў прысутных са сваёй паэтычнай творчасцю. Ён прачытаў вязанку вершаў пра гістарычных асобаў Бацькаўшчыны, лірычныя і сатырычныя вершы, адказаў на пытанні прысутных. Шчырыя словы пра Сяргея Чыгрына і пра добрую задумку стварэння галерэі распавядалі мастак Аляксандр Стацэнка, былы настаўнік, паэт Уладзімір Лабко, іншыя прысутныя госці галерэі “АртБуш”.
Наступная сустрэча ў галерэі запланавана ў жніўні.
[Not a valid template]
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара