У Слоніме адкрылі музейны пакой Алега Лойкі
У пятніцу, 24 лістапада, у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа ўрачыста адкрылі музейны пакой Алега Лойкі (1931-2008) – доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, пісьменніка, навукоўца і перакладчыка, былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
Алег Лойка быў родам са Слоніма. Адсюль ён пачынаў свой шлях у вялікую літаратуру і навуку. А калі пайшоў на пенсію, вярнуўся ў родны горад, дзе і знайшоў свой вечны спачын.
Пры жыцці знакаміты слонімец напісаў і выдаў 101 кнігу вершаў, літаратуразнаўчых артыкулаў, перакладаў, вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры.
Алег Лойка – найвялікшая асоба не толькі ў маштабах Слонімшчыны, Беларусі, але і Еўропы. Пра гэта ў Слоніме распавядалі дактары філалагічных навук прафесары Вячаслаў Рагойша, Алесь Бельскі, кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей, паэт Зьніч (Алег Бембель), пісьменнік, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын, паэтка Ірына Войтка, вучні, землякі і сваякі Алега Лойкі.
Родная сястра Алега Лойкі Людміла Клімовіч, а таксама пляменнікі пісьменніка і ўнук падаравалі музею вельмі каштоўныя экспанаты – гэта школьны дзённік Алега Лойкі, начоўкі ў якіх купалі малога Алега, гармонік, куплены ў Слоніме пасля вайны, даваенны фотаапарат, якім фатаграфаваў Алег, універсітэцкія розныя дакументы. Усе яны ляглі ў аснову музея знакамітага слонімца.
Першую экскурсію па музею ажыццявіла супрацоўніца Слонімскай раённай бібліятэкі Юлія Домаш, якая цікава распавядала пра экспазіцыі музея, пра кнігі і аўтографы пісьменніка-земляка.
Шмат кніг, фотаздымкаў і іншых дакументаў падаравалі для музея і бібліятэкі Вячаслаў Рагойша, Алесь Бельскі і Анатоль Верабей. У гэты самы дзень менскія госці наведалі магілу Алега Лойкі, яго жонкі і цешчы на слонімскіх гарадскіх могілках і ўсклалі кветкі.
Ушанаванне Алега Лойкі аздаблялі песнямі беларускі бард Зміцер Бартосік і былы настаўнік, культасветработнік Мар’ян Медушэўскі.
Загадчыца ідэалагічнага аддзела Слонімскага райвыканкама Наталля Юнчыц адзначыла, што ўшанаванне Алега Лойкі – гэта сапраўднае свята. І гэта толькі пачатак. Памяць пра знакамітага слонімца будзе і надалей ушаноўвацца.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім