У Слоніме адкрылі знак “Герб горада” з памылкай
Сёння, 15 лістапада, у Слоніме працягваецца фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014”. Учора горад над Шчарай вітаў абласныя Дажынкі, сёння – раённыя.
Учора позна вечарам на новай плошчы каля будынка райвыканкама і цэнтра культуры быў адкрыты мемарыяльны знак “Герб горада”. Гэты герб нагадаў слонімцам пра гетмана Вялікага Княства Літоўскага, слонімскага старосту Льва Сапегу. Па яго хадайніцтву Слоніму каралём Жыгімонтам III4 студзеня 1591 года быў нададзены герб: на блакітным шчыце залаты леў стаіць на задніх лапах і трымае сярэбраную стралу ў выглядзе падвойнага крыжа.
Цяпер вялікі знак “Герб Слоніма” з’явіўся ў цэнтры горада. Пад гербам напісаны наступны тэкст: г. Слонім 1252 – заснаванне горада, 1531 – атрымаў Магдэбурскае права, 1591 – зацверджаны герб. Слонімцаў вельмі здзівіла дата заснавання горада – 1252, бо Слонім, як яны лічаць, значна старэйшы. Пракаментаваць гэту недакладнасць наш карэспандэнт папрасіў слонімскага літаратара, гісторыка і краязнаўцу Сяргея Чыгрына:
– Хваляванне слонімцаў можна зразумець, бо Слонім пад 1252 годам упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе, але гэта дата не з’яўляецца датай заснавання горада. Гэта грубая памылка. Ваўкавыск, напрыклад, таксама пад 1252 годам упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе, але ён некалькі гадоў таму адзначыў сваё 1000-годдзе. І гэта правільна. Таму і наш Слонім значна старэйшы за згаданую на знаку “Герб горада” лічбу 1252. Слонімскія палі ўжо прыгадваюцца (а значыць ужо існаваў Слонім) пад 1036-1040 гадамі, дзе кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч спаткаўся з літвінамі… Пра гэта піша і польскі гісторык, аўтар 12-томнай “Гісторыі Польшчы” Ян Длугаш (1415-1480). Таму на выдатным помніку павінен быў быць тэкст: 1252 – першая згадка ў Іпацьеўскім летапісе, тады было б правільна.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара