У Слоніме быў пад’ёмны мост



З’явіўся вераснёўскі нумар гісторыка-краязнаўчага выдання “Слонімскі край”, які можна, як і ранейшыя нумары, знайсці і пачытаць на сайце.

Свежы нумар парадуе чытачоў новымі публікацыямі, у якіх адлюстраваны гісторыя слонімскай зямлі і лёс яе знакамітых людзей.

Большасць старонак выдання прысвечана агляду Слонімшчыны на старонках газеты “Гродзенскія губернскія ведамасці” у 1905 годзе. Гэты цікавы агляд падрыхтаваў рэдактар “Слонімскага краю” Сяргей Ёрш.

Сваім даследаваннем “З гісторыі ўладальнікаў маёнтка Старыя Жыровічы з канца XV стагоддзя да 1939 года” разважае Святлана Брайчук.

На бачынах “Слонімскага краю” чытачы знойдуць таксама артыкулы пра адваката Іосіфа Чэрніхава і яго сына-усходазнаўца Міхаіла, пра бібліятэкара Марыю Ліштвіновіч, пра Давіда Закгейма і іншых асобаў, чый лёс быў звязаны са Слонімшчынай.

Зацікавіць чытачоў і артыкул пра тое, што ў XIX стагоддзі ў Слоніме быў пад’ёмны мост. У зборах Расейскага дзяржаўнага гістарычнага архіву ў Санкт-Пецярбургу захоўваецца архіўная справа з назвай “Справа аб зацвярджэнні каштарысу на рамонт пад’ёмнага Слонімскага моста праз слонімскі канал Агінскай сістэмы”. У ёй шмат дакументаў з верасня 1835 года да чэрвеня 1938 года, якія распавядаюць пра гэты пад’ёмны мост…

Вераснёўскі нумар “Слонімскага краю” публікуе і шэраг іншых цікавых матэрыялаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя