У Слоніме хочуць прадаць стайню Пуслоўскіх



Прыгожы будынак з чырвонай цэглы, дзе ў XIX – першай паловы ХХ стагоддзяў месцілася славутая стайня Пуслоўскіх у Альбярціне (цяпер мікрараён Слоніма), хочуць прадаць на аўкцыёне. Цяпер будынак належыць ААТ “СКПЗ “Альбярцін” і ён амаль пустуе.

Гістарычны будынак вырашылі выставіць на аўкцыён за скідкай 80% і прадаць яго за 160.320.00 беларускіх рублёў. Першы гандаль запланаваны на 9 ліпеня.

Стайня Пуслоўскіх уваходзіць у сядзібна-паркавы ансамбль Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін у Слоніме. Яго наведваюць тысячы турыстаў у год. Але Альбярцін так і не выкарыстаны належным чынам, каб там наладзіць пэўны турыстычны цэнтр і зарабляць на гэтым грошы ў мясцовы бюджэт.

Дарэчы, год таму ў Слоніме была прададзена і найстарэйшая ў Беларусі сінагога, пабудаваная ў 1642 годзе. Але яна па-ранейшаму стаіць як стаяла. І зрухаў па яе рэстаўрацыі пакуль не відаць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара