У Слоніме паставяць помнік Міхалу Казіміру Агінскаму



Сёлета ў Слоніме з’явіцца помнік дзяржаўнаму дзеячу Рэчы Паспалітай, кампазітару, мецэнату, пісьменніку Міхалу Казіміру Агінскаму (1730-1800). Пра гэта паведаміў кіраўнік Слонімскага грамадскага аб’яднання “СлонімКаналАгінскага” Іван Вадэйка.

Працу над помнікам-бюстам пачаў слонімскі скульптар Уладзімір Вількіцкі. Бюст будзе вышынёй 70 см, яго установяць на спецыяльную гранітную піраміду.

Нагадаем, што Міхал Казімір Агінскі ў верасні 1771 года далучыўся да ўдзельнікаў Барскай канфедэрацыі. Гэта было ваенна-палітычнае аб’яднанне пэўнай часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай для змагання супраць царскай Расеі. Міхал Агінскі са сваім войскам пачаў вайну з рускім войскам. Спачатку ён актыўна перамагаў, але пасля войскі Суворава акружылі і разграмілі атрады Агінскага. З акружэння яму ўдалося ўцячы ў Берлін, потым у Вену. За гэты час руская імператрыца Кацярына II канфіскавала некаторыя ўладанні Агінскага.

У 1774 года Міхал Казімір Агінскі вяртаецца на Бацькаўшчыну. Для паляпшэння свайго фінансавага становішча ён частку ўласных маёнкаў прадае (пазней атрымлівае амністыю і секвестраваныя маёнткі), а сам спыняецца ў Слоніме і робіць горад сваёй асноўнай рэзідэнцыяй.

У шэрагу першаступенных планаў Агінскага было будаўніцтва асобнага тэатральнага памяшкання, у якім маглі б ставіцца оперныя спектаклі, так званага “Опергаўза”. Для ажыццяўлення сваёй задумкі гетман Агінскі запрасіў у Слонім італьянскага дэкаратара Іначэнца Мараіна. Ён прапанаваў для гэтай мэты рэканструяваць колішні палац Льва Сапегі. Агінскі з ім пагадзіўся і ў 1777 годзе будаўніцтва і рэканструкцыя тэатра былі ўжо завершаныя.

Для таго, каб можна было ставіць спектаклі, былі ўзятыя на ўзбраенне самыя найлепшыя для таго часу тэхнічныя сродкі, якія дазвалялі лёгка мяняць дэкарацыі, а пры неабходнасці “выводзіць” на сцэну нават сапраўдныя караблі. Дзеля гэтага яна была падзелена на дзве часткі. Пярэдняя частка выкарыстоўвалася па сваім непасрэдным прызначэнні і на ёй ігралі акцёры. Задняя ж, пры неабходнасці, лёгка запаўнялася вадой. Ажыццяўлялася гэта праз сістэму труб, што праходзілі да самых тэатральных падмосткаў. Паступала ж вада з канала, які знаходзіўся побач. Гэтая частка сцэны аказвала добрую паслугу і тады, калі ў ходзе спектакля разгортваліся баявыя дзеянні, ці неабходна было паказаць войскі на маршы. У гэтым выпадку ваду спускалі, а зверху клалі тоўстыя шчыты. З тыльнага ж боку сцэны адкрывалася вялізная брама, праз якую магла ўварвацца кавалерыя ці прайсці пяхота. На сцэне нават прадугледжваліся фантаны з падсветкай бенгальскімі агнямі. Пры тэатры тады працаваў спецыяльны ператэхнік Ваксмунт.

Функцыяваў пры тэатры і “плывучы тэатр” на баржах на канале Агінскага. Глядзельная зала была разлічана на тысячу (па іншых звестках на дзве тысячы) месцаў. Гледачы з залы з цікавасцю глядзелі на “плывучы тэатр”. Для выканання высокамастацкіх твораў і ўвасаблення тэхнічных навін запрашаліся і працавалі ў тэатры ўмелыя майстры з Еўропы. Шмат працавала ў тэатры і беларускіх мясцовых майстроў і артыстаў.

Пры сваёй “сядзібе музаў” у Слоніме Міхал Казімір Агінскі сварыў вялікі ансамбль вакалістаў і інструменталістаў, які не саступаў самым лепшым музычным калектывам Заходняй Еўропы.

Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю. У 1788 годзе чатыры выхаванцы выступалі нават у балеце “Рыбакі” ў Варшаве. А ў 1790 годзе балетная школа была на гастролях на Украіне. У гастролях прымалі ўдзел 20 артыстаў. Слонімскі балет тэатра Агінскага заўсёды канкураваў з каралеўскім тэатрам у Варшаве. Напрыканцы 1792 года балетная школа была пераведзена ў мястэчка Целяханы Івацэвіцкага раёна.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара