У Слоніме праводзілі зіму з масленічнымі лялькамі
У гарадскім парку ў Слоніме ў суботу, 13 сакавіка, гараджане праводзілі зіму. Былі тут і песні, і скокі, і шашлыкі, і блінцы, і касцёр, і дзіцячыя забаўкі – адным словам, хапала ўсяго дзеля таго, каб спалохаць зіму і паклікаць вясну.
Сапраўды, Масленіца – заканчэнне зімы. Нашы продкі некалі казалі, што Масленіца бывае “на маладзіку” (“рог месяца ўмачыў у масла”). Падчас слонімскай Масленіцы людзі ў масла макалі блінцы, елі іх ад пуза. А хто ўжо наеўся блінцоў, то шчыра спяваў:
У нас сягоння Масленіца!
Прыляцела к нам ластавіца,
Села на калу,
Скінула масла па каму…
Але найперш запомніцца ўсім сёлетняя Масленіца ў Слоніме, дык гэта конкурсам масленічных лялек. Іх было шмат: прыгожых, вялікіх, разнастайных, беларускіх з рускамоўнымі шыльдамі. І неяк няёмка сябе адчувалі прыгожыя лялькі з такімі шыльдамі на грудзях…
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара