У Слоніме прыгадалі Алега Лойку



У Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага адбылася вечарына, прысвечаная 90-годдзю пісьменніка, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойкі (1931-2008).

Вечарыну распачала дырэктар музея Алена Сухарукава, якая пазнаёміла прысутных з творамі знакамітага слонімскага літаратара, паказала і зачытала аўтографы земляка. Дапоўнілі выступоўцу слонімскія школьнікі, якія прачыталі вершы паэта, а таксама танчылі пад песню на словы Алега Лойкі.

Пісьменнік і даследчык Слонімскага краю Сяргей Чыгрын цікава распавёў пра гады вучобы ў Белдзяржуніверсітэце, пра літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка, пра жыццё Алега Антонавіча ў Слоніме і тыя сустрэчы і гутаркі з ім на Віленскай вуліцы ў горадзе над Шчарай у яго апошнія гады жыцця. Распавёў Сяргей Чыгрын і пра той час, калі выйшлі з друку дзве кнігі Алега Лойкі ў Маскве ў вядомай серыі “Жизнь замечательных людей”, а гэта кнігі пра Янку Купалу і Францыска Скарыну

У вечарыне прымаў удзел і слонімскі паэт Мікола Канановіч, які таксама быў студэнтам Алега Лойкі падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара