У Слоніме выпускалі запалкі
Першыя запалкавыя фабрыкі, як сведчыць Беларуская энцыклапедыя, у Беларусі з’явіліся ў другой палове XIX стагоддзя. На той час гэтыя прадпрыемствы выраблялі небяспечныя запалкі з прымессю белага фосфару (бяспечныя былі распрацаваны ў Швейцарыі ў 1855 годзе).
Напрыканцы XIX стагоддзя ў Беларусі працавалі ўжо 14 паўсаматужных запалкавых фабрык. Сярод іх была фабрыка і ў Альбярціне каля Слоніма. Яе адкрылі О.Гавінавіцкі і Ю. і М. Маркусы. Фабрыка мела назву “Шчара”.
У пачатку XX стагоддзя ў Слоніме з’явілася яшчэ адна прыватная запалкавая фабрыка “Край” Дубінбаўма і Штэйнберга. На гэтай фабрыцы працавалі каля двухсот чалавек.
Умовы працы былі вельмі цяжкія. Таму 18 траўня 1905 года на запалкавай фабрыцы “Край” адбылася забастоўка рабочых. Яны патрабавалі ад гаспадароў прадпрыемства скарачэння рабочага дня да 10 гадзін і падвышэння заработнай платы на 20-30 %. Забастоўку рабочых запалкавай фабрыкі падтрымалі і іншыя прадпрыемствы горада.
Пры Польшчы ў Слоніме таксама была запалкавая фабрыка “Электра”, але Другая сусветная вайна перашкодзіла яе дзейнасць.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з калекцыі аўтара