У Слоніме выступіць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Упершыню ў Слонімскім драматычным тэатры выступіць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Тэатр прывязе ў Слонім у суботу, 26 лістапада, два спектаклі. Дарослыя гледачы паглядзяць пастаноўку “Адамавы жарты” паводле твораў Францішка Аляхновіча і Леапольда Родзевіча. Гэта аўтэнтычны і лёгкі спектакль. Саўка і Марыся – выдатныя муж і жонка, шмат у чым нагадваюць біблейскіх Адама і Еву. Яны маладыя, прыгожыя і вельмі працавітыя. Жывуць у любові і згодзе, старанна вядуць хатнюю гаспадарку. Але адкуль ні вазьміся да іх заяўляецца Чорт…
У спектаклі неверагодна пераплецена рэальнае і фантастычнае, сапраўднае і карыкатурнае, сучаснае і старажытнае, шмат музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў.

Юных гледачоў парадуе спектакль па п’есе Ягора Корнева “Гісторыя двух сабак”. У парку сустракаюцца лабрадор Дунай і французская бульдожка Булька. Іх у розныя часы прывезлі сюды гаспадары і кінулі. Сабакі жадаюць знайсці сабе новых гаспадароў, але ж гэта вельмі няпроста, бо колькі ў горадзе жыве злых і небяспечных людзей! Але Дунай і Булька вераць у тое, што іх дабрыня і адданасць каму-небудзь спатрэбяцца. А той, хто верыць у дабрыню, абавязкова яе сустрэне…
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі створаны ў 1990 годзе як тэатр-лабараторыя для падтрымкі і развіцця беларускай драматургіі. За гады існавання РТБД стаў неад’емнай часткай культуры Беларусі і адным з лідараў сучаснага беларускага тэатра.
Тэатр стварае спектаклі на вострыя сацыяльныя тэмы, эксперыментуе, актыўна займаецца пошукам новых форм і жанраў у тэатральным мастацтве. Аснову рэпертуару (больш за 75% пастановак) складае сучасная беларуская драматургія. Амаль усе спектаклі тэатра ідуць на беларускай мове.
Дарэчы, калектыў Слонімскага драмтэатра сёлета ў верасні ўжо выступаў на сцэне РТБД, дзе менскія гледачы цёпла прымалі спектаклі “Белы ліст” і “Лясны дэтэктыў альбо Хто ўкраў святлафор”.







Беларускае Радыё Рацыя
