У Слуцку з 16 траўня пачнуцца Віткаўскія чытанні
Штогадовыя травеньскія Віткаўскія чытанні, прымеркаваныя да дня нараджэння знакамітага земляка – пісьменніка, драматурга і педагога Васіля Віткі, у дванаццаты раз пройдуць у Слуцку.
Арганізатарамі чытанняў, якія сёлета атрымалі назву „Па закліку сапраўднай любові”, традыцыйна выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, рэдакцыя часопіса „Вясёлка”, Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г.Менска і ўстановы адукацыі Слуцкага раёна.
16 траўня ў раённай цэнтральнай бібліятэцы ў межах праекту „Чытаем разам з пісьменнікамі” адбудзецца прэзентацыя кнігі Уладзіміра Ліпскага „Мая Беларусь”, а ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі „Культурны маршрут „Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі дзецям” сустрэнуцца з юнымі чытачамі. Урачыстасці з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці, бібліятэкараў, вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы №11 пройдуць таксама ў новым скверы па вуліцы імя Васіля Віткі. Цягам тыдня запланаваны і іншыя мерапрыемствы у тым ліку прэзентацыі кніг, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і журналістамі, тэлемасты.