У снежні ў Менску ўпершыню пройдзе дабрачынны Венскі баль



У Беларусі ўпершыню пройдзе дабрачынны Венскі баль, арганізаваны ў адпаведнасці з крытэрыямі ЮНЕСКА. Ён запланаваны 14 снежня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, паведаміў генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка 2 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Баль адбудзецца пры падтрымцы і ўдзеле пасольства Аўстрыі ў Беларусі і тэлекамунікацыйнай кампаніі А1.

„Чым больш культурных традыцый, у тым ліку бальных, будзе стварацца і захоўвацца ў Беларусі, тым лепш”, — лічыць Латушка. „Што такое танец? Гэта не толькі ўменне добра рухацца, гэта адукацыя праз культуру, выхаванне адпаведнага стаўлення паміж жанчынай і мужчынам. І гэта, нам здаецца, вельмі важна”, — адзначыў ён.

Паводле слоў гендырэктара Купалаўскага тэатра, гісторыя баляў у Беларусі бярэ пачатак у XVIII стагоддзі, яны былі папулярныя ў Радзівілаў. „Уплыў усходняй і заходняй бальных традыцый пакінуў свой след у Беларусі. Традыцыя ладзіць балі атрымала працяг у XIX і пачатку XX стагоддзяў. Сёння мы фактычна адраджаем, але ў той жа час і працягваем гэтую традыцыю з гісторыі ў сучаснасць і будучыню”, — сказаў ён.

Латушка дадаў, што спецыяльна для балю сектар для гледачоў будзе падняты да ўзроўню сцэны, што дазволіць камфортна размясціць 250 гасцей.

Уваход будзе платным, білеты з’явяцца ў продажы блізу канца кастрычніка, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік. Усе білеты будуць у адну цану. Кошт пакуль не вызначаны, аднак будзе „раўнацэнны імпрэзе”, запэўніў ён.

Палова атрыманай сумы будзе пералічаная на рахунак грамадскай арганізацыі „SOS — Дзіцячыя вёскі Беларусь”. „Адна з традыцый балю — дапамога. Гэта сацыяльная адказнасць”, — сказаў Бладзік.

Арганізатары запрашаюць узяць удзел у бале дэбютантаў — юнакоў ад 18 да 26 гадоў і дзяўчат ад 16 да 23 гадоў, якія не знаходзяцца ў шлюбе. „З 3 кастрычніка мы абвяшчаем набор кандыдатаў для ўдзелу ў балі, — сказала пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр. — Бальны камітэт арганізуе кастынг і адбярэ 40 чалавек, каб сфармаваць 20 пар. Маладых людзей танцу будзе навучаць венскі балетмайстар і яго каманда. Удзел для дэбютантаў бясплатны. Акрамя таго, маладым людзям дапамогуць падабраць уборы для балю, каб выглядаць не горш, чым на балі ў Вене”.

Дэбютанты традыцыйна будуць адкрываць Венскі баль паланэзам. Другім танцам, ужо для ўсіх гасцей вечара, стане венскі вальс.

Для ўдзельнікаў Венскага балю ўсталяваны дрэс-код, зазначыла пасол. Для жанчын — вячэрняя сукенка і закрытыя туфлі, прычоска, што адкрывае шыю, упрыгажэнні. Для мужчын — чорна-белы варыянт гарнітура з гальштукам-мятлікам.

„Венскі баль у Мінску — гэта магчымасць „ажаніць” беларускія і аўстрыйскія культурныя падзеі, два культурныя пласты, а таксама ўзбагаціць венскія традыцыі правядзення баляў беларускімі элементамі”, — сказала Вёргетэр.

БелаПАН