У “Сонейку” гучалі вершы, песні і таньчылі народныя танцы
Школьны летнік “Сонейка” СШ №3 г. Дзятлава шчыра вітаў гасцей – мясцовага краязнаўцу і грамадскага дзеяча Валерыя Петрыкевіча, спявачку з Менску Таццяну Грыневіч і пісьменніка са Слоніма Сяргея Чыгрына.
Валерый Петрыкевіч распавёў прысутным пра гісторыю горада, дзе дзеці жывуць, пра тое, што ў Дзятлаве ў бліжэйшы год-два будзе ўстаноўлены помнік альбо мемарыяльны знак, прысвечаны заснавальніку Дзятлава Канстанціну Астрожскаму.
Сяргей Чыгрын правёў з дзецьці некалькі конкурсаў на веданне імі творчасці беларускіх пісьменнікаў, геаграфіі і гісторыі Беларусі. А таксама прачытаў некалькі новых вершаў, прысвечаных Дзятлаву.
Цікава выступіла Таццяна Грыневіч, якая весяліла дзяцей і дарослых не толькі ігрой на гітары і скрыпцы, выкананням песень, але і парадавала ўсіх беларускімі народнымі танцамі. Разам з артысткай дзеці развучылі некалькі танцаў і таньчылі іх пад вясёлыя мелодыі скрыпкі. У знак падзякі, дзеці вывучылі шмат вершаў беларускіх паэтаў і расказалі іх гасцям і ўсім прысутным.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара