У Старым замку Гародні выставілі самыя цікавыя знаходкі за час рэканструкцыі



Самыя цікавыя знаходкі, выяўленыя ў час рэканструкцыі Старога замка ў Гародні, выстаўлены для агляду, паведаміў дырэктар Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка.

Вітрына размясцілася ў фае музея ў Старым замку. Кожны наведвальнік (музей, нягледзячы на рэканструкцыю замка, прадаўжае працаваць) можа азнаёміцца з найбольш цікавымі экспанатамі, знойдзенымі за паўгода раскопак. Рэканструкцыя пачалася восенню 2017 года: адначасова з будаўнікамі на тэрыторыі замкавай гары працуюць археолагі.

Адной з самых каштоўных знаходак спецыялісты лічаць шахматную фігурку, знойдзеную ў пласце канца XIV – пачатку XV стагоддзя. Як мяркуецца, гэта ладдзя. Пры раскопках знойдзены і некалькі пярсцёнкаў. Зрэшты, самы каштоўны – залаты – у вітрыну не трапіў. Для такіх прадметаў неабходны іншыя ўмовы. Таксама для агляду выстаўлены адносімыя да XIII-XV стст нож, арбалетныя балты, спражка, ігральныя косці, тачыльны брусок. Важнай, на думку спецыялістаў, стала знаходка цаглін са знакам „Калюмны”. Гэта адзін з нацыянальных сімвалаў ВКЛ.

„Гэта часовая экспазіцыя. Абагульняючыя вывады будуць зроблены пазней. Знаходкі будуць перададзены ў фонды музея”, – адзначыў Юрый Кітурка. Паводле яго слоў, археалагічныя пошукі дадуць магчымасць дапоўніць гісторыю замка ў розны час яго існавання.

Рэканструкцыя вядзецца па праекце Уладзіміра Бачкова. У Гародні плануюць аднавіць замак XVI стагоддзя такім, якім ён быў у часы Стэфана Баторыя. У 2017 годзе на гэтыя мэты з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў выдзелена звыш Br1 млн. У 2018 годзе запланавана фінансаванне ў памеры не менш за Br1,2 млн.

belta.by

Фота Генадзя Жынкова