У Стоўбцах паставяць помнік Якубу Коласу
Міністэрства культуры абвясціла конкурс праектаў помніка народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу ў Стоўбцах, паведамляе БЕЛТА. Помнік будзе ўсталяваны ў скверы па вуліцы Цэнтральная.
«Конкурс мы праводзім для таго, каб знайсці найбольш выразны вобраз класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа для стварэння помніка на малой радзіме паэта. Яго кампазіцыйнае і пластычнае выкананне павінна быць вытрымана ў лепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва», — цытуе БЕЛТА міністэрства.
Да ўдзелу ў творчым спаборніцтве запрашаюцца прафесійныя скульптары і архітэктары. Пераможца атрымае права на стварэнне помніка, кошт якога не можа перавышаць 200 тысяч беларускіх рублёў, якія выдаткуе Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт.
Якуб Колас нарадзіўся 22 кастрычніка 1882 года ў засценку Акінчыцы Менскага павета Менскай губерні, цяпер гэта тэрыторыя горада Стоўбцы.
Паводле БЕЛТА