У свеце захавалася больш за 130 асобнікаў Берасцейскай Бібліі



Нацыянальная бібліятэка Беларусі адкрывае серыю мерапрыемстваў “Берасцейская Біблія: адкрыты дотык”, прысвечаных кніжнаму шэдэўру XVI стагодддзя эпохі Адраджэння.

Гэтым разам дакрануцца і пагартаць факсімільнае выданне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі запрашаюць менчукоў. Пра міфы вакол Берасцейскай Бібліі кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці згаданай установы Алесь Суша:

– Як паказваюць апошнія даследаванні, гісторыя пра паленне Берасцейскай Бібліі ёсць міфам. Абсалютна не адпаведным рэчаіснасці. Міфам, які ўпершыню пачынае згадвацца ў крыніцах езуітаў 18 стагоддзя. І ніколі ранней, што было б абсалютна немагчымым у рэаліях Беларусі, дзе ўжо ў 16 стагоддзі любы факт, хоць трошкі значны, адразу знаходзіў грамадскі рэзананс у лістах, у публікацыях і так далей. Берасцейская Біблія абсалютна дакладна не палілася, тым больш Радзівіламі, – нашчадкамі Мікаля Радзівіла Чорнага. Яна захавалася ў вельмі вялікай колькасці асобнікаў – больш за 130 нам сёння вядома па ўсім свеце. І гэта дакладна сведчыць якраз пра яе добрую захаванасць.

Нядаўна арыгінальны асобнік Берасцейскай бібліі вярнуўся і на Радзіму – у Берасце. Акрамя таго, было надрукавана больш за 10 асобнікаў факсіміле Бібліі, адзін з якіх знаходзіцца і ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Пачатак мерапрыемства па азнаямленні з Бібліяй у Менску – 27 верасня ў 15:00, на 2-м паверсе бібліятэкі (зона атрыума “на шкле”).

Беларускае Радыё Рацыя