У сядзібе Рэйтанаў мусіць паўстаць моцны культурны і турыстычны цэнтр



Арганізатары фэсту «Вяртанне» лічаць неабходным пераўтварэнне сядзібы Рэйтанаў у моцны культурны і турыстычны цэнтр.

reyt

Пры гэтым, як падкрэслівае каардынатар арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч, сядзіба і будучы цэнтр павінны заставацца ў дзяржаўнай уласнасці. Бо пры ўсіх мінусах, ёсць несумненны плюс – гэта хоць неяк страхуе сядзібу ад інвестараў з той жа Расеі, якім проста неістотна якой славутай для Беларусі асобе належаў маёнтак.

-У дадзены момант сядзіба з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю. Але мы прасоўваем праз прэсу і лабіруем ідэю не прадаваць яе, а стварыць тут дзяржаўны музейны культурны і турыстычны цэнтр. Не трэба ствараць легенду, трэба проста расказаць праўду, яна цікавейшая за легенду.

Фэст «Вяртанне» прайшоў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёну другі раз. Як лічыць дырэктар музею-сядзібы «Пружанскі палацык» Юры Зялевіч, менавіта такія грамадскія ініцыятывы судзейнічаюць аднаўленню нацыянальнай памяці.

-Чым больш такіх ініцыятыў будзе, тым больш мы будзем разумець, што ў нас ёсць свая гісторыя. У нас усталюецца свая сапраўдная беларуская свядомасць.

Грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ, пасол ад Наваградскага ваяводства на сойм 1773 года Тадэвуш Рэйтан разам з наваградцам Самойлам Корсакам і менчуком Станіславам Багушэвічам-Мінькоўскім, мужна супрацьстаялі Першаму падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Гэтае змаганне ўзгадваецца, напрыклад, карцінай Яна Матэйкі «Рэйтан» ды паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

[Not a valid template]

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара