У Тбілісі прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі „Прадмова” (абнаўляецца)
У Тбілісі другі дзець працягваецца фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Плануецца прэзентацыя кнігі “Свабода і мысленне” Уладзіміра Мацкевіча. Пра гэта распавяла куратарка тбіліскай пляцоўкі фэста “Прадмова” Юлія Катаржынская:
– На фестывалі прадстаўлена кніга “Свабода і мысленне” эсэ пра грамадзянскую супольнасць. Пасля яе будзе дыскусія, як мяняецца грамадзянская супольнасць і нашае ўяўленне пра яе ў сувязі з новымі лакальнымі, глабальнымі выклікамі. Таму мы запрасілі людзей з розных бакоў абмеркаваць гэтую тэму. Гэта будуць і праваабаронцы, гэта будуць і паэты, гэта будуць і палітычныя дзеячы.
Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца за кратамі са жніўня 2021 года. Яго прызналі палітвязнем. Уладзіміра Мацкевіча абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “Стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем” і “Абраза на адрас кіраўніка дзяржавы”.
***
Беларускія кнігі, якія мусілі быць на фестывалі “Прадмова” ў Тбілісі, затрымаліся на грузінскай мяжы на некалькі дзён. Першапачаткова планавалася, што падчас фэсту інтэлектуальнай кнігі адбудзецца кніжны кірмаш, дзе будуць прадастаўленыя кнігі беларускіх выдавецтваў. Аднак на дадзены момант большасць беларускіх кнігаў знаходзіцца на грузінскай мяжы. Сябра каманды арганізатараў Лілія Ільюшына спадзяецца, што гэта выпадковасць, а не культура адмены.
– Сапраўды, ёсць вялікія складанасці. Зараз мы ўсё чакаем, калі прыедуць нашыя кнігі, той кніжны кірмаш. Вось-вось, мы ўжо амаль іх можам памацаць, але з’яўляюцца ўсё новыя правалочкі. Бывае, калі ўсё табе спрыяе. Бывае, калі ўсё ідзе не так. У гэтым годзе ў тас такі сцэнар, што кожны наш крок – гэта выпрабаванне.
На фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” ў Тбілісі можна было набыць кнігі Уладзіміра Някляева “Гэй Бэн Гіном”, “Беларуская нацыянальная ідэя на маршы” Змітра Лукашука і Максіма Гарунова, “Искусство (не) помнить” Вольгі Бубіч.
***
Сярод гасцей на мерапрыемстве — беларускія і грузінскія прадстаўнікі культуры. А менавіта: Уладзімір Някляеў з прэзентацыяй кнігі „Гэй Бэн Гіном”, заснавальнік першага незалежнага грузінскага выдавецтва „Азры” Мамука Хантадзэ, публіцыст Севярын Квяткоўскі, журналіст Зміцер Лукашук, паэт Шота Іяташвілі ды іншыя.
Куратарка фестывалю ў Тбілісі Юлія Катаржынская адзначае, што “Прадмову” варта праводзіць, бо гэта тая пляцоўка, якая аб’ядноўвае беларусаў.
– Калі было пытанне, у якіх гарадах праводзіць, мы адразу сказалі, што Грузія, гэта месца, дзе абавязкова павінна быць такое мерапрыемства, бо тут вельмі шмат беларускіх людзей, тут шмат паэтаў, тут шмат літаратараў, і людзям не хапае вось гэтага дзвіжу. Мы прыйшлі, і літаральна за 15 хвілін у нас разабралі кнігі, якія мы падрыхтавалі. Людзі цікавяцца аўтарамі.
Сёлетні фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” ўпершыню праходзіць не ў Беларусі. Івэнты ў межах кніжнага фэста запланаваныя ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Беларусы, якія жывуць у Беларусі, могуць паўдзельнічаць у мерапрыемстве анлайн.
Беларускае Радыё Рацыя