У Telegram з’явіўся бот, які дапамагае змагацца за мову



У мэсэнджары Telegram з’явіўся бот @sluchakbot, які дапамагае змагацца за моўныя правы ў Беларусі. Бот стварылі актывісты кампаніі „Умовы для мовы”.

„Бот патрэбны, калі вы размаўляеце на беларускай мове і хочаце, каб роднай мовы было больш у публічнай прасторы. Наш бот дапаможа скласці эфектыўны зварот у падтрымку беларускай мовы, падзеліцца прыкладамі беларускамоўных іскаў, даверанасцяў, дэкларацый і іншых дакументаў”, — паведаміла БелаПАН актывістка кампаніі „Умовы для мовы” Аліна Нагорная.

Паводле яе слоў, бот прапаноўвае прыклады розных дакументаў, таму што „важна, каб на беларускай мове можна было аформіць даверанасць, падаць іск, напісаць тастамент”. „Дзяржава пакуль не дае такой магчымасці, таму мы самі пераклалі ўсе дакументы, якія могуць карыстацца попытам”, — патлумачыла актывістка.

Таксама бот мае кнопку „Карта беларускамоўных месцаў”, якая выводзіць на каталог svaje.by, дзе размешчаная інфармацыя пра суб’ектаў гаспадарання, якія аказваюць паслугі на беларускай мове.