У тралейбусах Гародні распавядуць гісторыю горада
Студэнты гарадзенскіх ВНУ разам з тралейбусным упраўленнем падрыхтавалі да Дня горада праект, які можа прыйсці даспадобы жыхарам і госцям Гародні.
Пачынаючы з 16 верасня ў гарадскіх тралейбусах, якія едуць праз цэнтр горада, можна будзе пачуць аповеды пра асобаў і будынкі Гародні, кажа каардынатар праекта Сяргей Іваноў:
– Для таго, каб жыхары горада Гародні, якія жывуць у спальных раёнах, якія жывуць у цэнтры, кожны дзень ездзяць па вуліцах і не ведаюць гісторыю, маю магчымасць расказаць ім пра гісторыю дамоў, гісторыю вуліц, чаму менавіта так названа тая ці іншая вуліца.
17 верасня маладыя гарадзенцы, якія будуць весці імправізаваныя экскурсіі ў тралейбусах, таксама пераапрануцца ў вядомых асобаў: Ажэшку, Тызенгаўза ды Давыда Гарадзенскага.
Арганізатары акцыі спадзяюцца, што гарадзенцам і гасцям горада будзе прыемна праехацца на тралейбусе з вядомымі асобамі і зрабіць з імі сумеснае фота.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня