У „Цудоўні” адбылася сустрэча з Генадзем Семянчуком
У гарадзенскай этнакраме „Цудоўня” прайшла сустрэча аматараў гісторыі з вядомым навукоўцам, археолагам, дацэнтам Генадзем Семянчуком.
Вечар з гісторыкам даў магчымасць адказаць на пытанні: Кім былі для нас Яцвягі? Якія існуюць міты і што з гістарычнай рэальнасці можна з іх сканструяваць?
Генадзь Семянчук прадстаўляе канцэпцыю Санкт-Пецярбурскага гісторыка Аляксея Кібеня:
– Дзякуй Богу „ARCHE” выдала беларускамоўную версію яго манаграфіі пра яцвягаў. Што зменіцца ў нашай гісторыясофіі і ў нашай інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі, калі гісторыя канцэпцыі Кібеня апрабуецца і будзе мець сваіх прыхільнікаў? Самае галоўнае – яна вырве нас з гэтай лені і баязлівасці.
Паводле Генадзя Семянчука, яцвягі – гэта этнічна мяшаная група, якая яшчэ на этапе дадзяржаўнага развіцця кантралявала Нёман і басейн ракі, як транспартнай артэрыі.
Генадзь Семянчук абвяргае думку, што тэмай Яцвягаў гісторыкі баяцца займацца:
– Не, я хачу вас супакоіць, ніхто не баіцца, проста няма каму. Гісторыя настолькі смешная, што мы ж да сённяшняга дня баімся самастойна думаць. Мы карыстаемся думкамі, ідэямі, канцэпцыямі, альбо падпарадкоўваемся ім, альбо падтрымліваем іх, альбо так слабенька пацяўкваем на іх, якія да сённяшняга дня ствараюцца на жаль альбо ў Варшаве, альбо ў Пецярбургу, альбо ў Кіеве.
Знойдзены нядаўна слоўнік яцвяжскай мовы – фальшыўка. Ёсць адукаваныя людзі, якія здольныя рабіць геніяльныя фалсіфікацыі, перакананы археолаг.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня