У Цярэспалі стартаваў фестываль усходнеславянскіх калядак
У польскім Цярэспалі стартаваў ХХІІ фестываль усходнеславянскіх калядак. У мерапрыемстве прымаюць удзел 29 калектываў, 13 з якіх прыехалі ў Польшчу з Беларусі, Украіны і Расеі, а агулам выступяць каля 70-ці выканаўцаў.
Падрабязней кажа дырэктарка фестывалю і мясцовага асяродка культуры Ганна Пятрусік:
– Мы вельмі задаволены, бо кожны з калектываў спявае ад шчырага сэрца. Тут і ўніверсітэцкія, і парафіяльныя, гарадскія і сельскія хоры. Прадстаўляем штогод цэлую гаму, разнастайнасць выканання. Маем надзею, што слухачы будуць задаволеныя.
У гэтым годзе традцыйна ўжо ня будзе конкурснай часткі. Запрошаныя калектывы проста пакажуць сваё майстэрства і атрымаюць падарункі за ўдзел у мерапрыемстве:
– Мы прыехалі з украінскага Луцка. І ўжо другі год наведваем фестываль усходнеславянскіх калядак. Папулярызуем калядкі Валынскага краю.
Фестываль будзе доўжыцца цягам двух выхадных дзён у актавай залі Гарадскога асяродка культуры ў Цярэпалі. Уваход на яго вольны.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Цярэспаль
Фота аўтара