«У вайны не жаночае аблічча» вернецца ў школьныя праграмы
Праўладны Саюз пісьменнікаў рэкамендаваў Міністэрству адукацыі вярнуць творы Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у школьную праграму. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў сябар праўлення аб’яднання Іван Саверчанка:
– Нядаўна на апошнім паседжанні мы ўключылі Нобелеўскую лаўрэатку Алексіевіч у школьную праграму. Прычым, у праграму і па беларускай, і па рускай літаратуры. Яе прызналі нашыя заходнія калегі. Яна стала з’явай ужо сусветнай літаратуры. Таму хочам уключыць яе, адпаведна, і ў курс сусветнай літаратуры. Але не ўсю творчасць, а асобныя раманы. Я рэкамендаваў “У вайны не жаночае аблічча”, мы яго ўключылі ў школьную праграму. А ў які клас – гэта ўжо вызначаць нашыя метадысты.
Паводле Саверчанкі, Саюз пісьменнікаў у сваіх рэкамендацыях метадыстам Міністэрства адукацыі кіруецца мэтай абнавіць праграму за кошт найбольш яскравых мастацкіх здабыткаў без шкоды для ўжо ўключаных у яе твораў.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота TUT.BY