У Вайцюшках пройдзе паэтычны фестываль “Салаўё”



4-ы раз на хутары Вайцюшкі на беразе Нёмана, што на Наваградчыне, пройдзе паэтычны фестываль “Салаўё”. У гэтым годзе фестываль адметны тым, што будзе прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадруку і юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Яшчэ тыдзень таму ў жывапісных мясцінах Наднёмання распачаліся пленэры скульптараў і мастакоў. А ўжо менавіта ў дзень правядзення паэтычнага фестывалю будуць падведзеныя своеасаблівыя вынікі гэтых пленэраў, адзначае гаспадар хутара Вайцюшкі – музыка Зміцер Вайцюшкевіч.

– Сам фестываль як фінал, як прэзентацыя мастацкіх прац і літаратурна-музычны фестываль “Салаўё-2017” праходзіць чацвёрты раз запар. Салаўі, паэты, пісьменнікі… Удзельнічаюць Уладзімір Някляеў, Наста Кудасава, Віталь Рыжкоў, Аксана Спрынчан, Алесь Ліпай, Яраш Малішэўскі, ну і я буду ў нейкім сэнсе прэзентаваць сваю першую і дай Бог не апошнюю кніжачку “Простыя словы”, якая гучала на Радыё Рацыя. Матэрыял для яе быў створаны там. Усіх шчыра запрашаю – гэта ўнікальны ў сваім родзе момант. Варта быць!

Паэтычны фестываль “Салаўё” адбудзецца на хутары Выйцюшкі, што каля вёскі Васілевічы Наваградскага раёна. 170 кіламетраў ад Менска. Пачатак паэтычна-музычнай праграмы ў нядзелю 4 чэрвеня, а 14 гадзіне.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя