У Варацэвічах завяршаецца будаўніцтва музея Напалеона Орды
У хуткім часе спіс міжнародных турыстычных аб’ектаў Берасцейшчыны папоўніцца. У радавым маёнтку мастака, у вёсцы Варацэвічы, што ў Іванаўскім раёне, завяршаецца будаўніцтва музею Напалеона Орды, на базе ўжо існуючага музейнага комплексу. Рэалізацыя ідэі стала магчымай пры ўзаемадзеянні Беларусі, Польшчы і Еўрапейскага Саюзу ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва.
«Гэты музей аздобіць турыстычную сферу ўсёй вобласці», — кажа намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:
— Цяпер гэта будзе называцца «Музей Напалеона Орды». Робіцца вялікі конкурс. Крыху не хапае, каб давесці, але, мяркую, мы праз год-другі будзем мець гэты комплекс: у якім будзе ня толькі галерэя і музей, але і адноўленая сядзіба Напалеона Орды. Робіцца вельмі важная справа, якая павялічыла б патэнцыял, магчымасці і турыстычныя маршруты, турыстычныя патокі, так званыя, не,не і заплываюць у гэтыя мясцінкі.
Акрамя творчай дзейнасці, Напалеон Орда (1807-1883) пакінуў след у грамадскім жыцці краіны. За ўдзел у вызваленчым паўстанні 1830-1831 гг. узнагароджаны ордэнам „Virtuti Militari”. Падтрымліваў паўстанне 1863-1864 гадоў. Адзначыўся, як кампазітар і педагог.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Валерыя Нікіфарава