У Варацэвічах з’явіцца музей Напалеона Орды



На Берасцейшчыне, ў Іванаўскім раёне, падыходзіць да завяршэння будаўніцтва музею беларускага мастака, ўдзельніка вызваленчага паўстання 1830-31 гадоў Напалеона Орды (1807-1883). Гэта будзе цэлы комплекс у Варацэвічах, радавым месцы мастака, на тэрыторыі якога яшчэ з 2006 года працуе карцінная галерэя.

wor189

Ажыццяўленне будаўнічых прац стала магчымым пры фінансавай падрымцы Еўрапейскага Звязу ў межах праекту па стварэнні “Транспамежнага цэнтру дыялогу культур у Лосіцы і Варацэвічах”. На будаўніцтва музею ўжо затрачана 2 мільярды рублёў і яшчэ амаль 1 мільярд плануецца выдаткаваць.

Вяртанне імя знанага земляка пачалося ў 1990-я гады. Займалася гэтым група бібліятэкараў, узгадвае Ніна Куліч:

– У нас ужо столькі матэрыялу было, што трымаць яго ў сховішчах стала проста немагчыма, трэба было паказаць яго шырокім колам наведнікаў. Усе гэтыя матэрыялы мы перадалі ў музейны комплекс Напалеона Орды, але для сябе пакінулі такую прэрагатыву – гэта ў афармленні бібліятэкі пакінуць выявы  яго работ. Па сённяшні дзень лічым, што праца па папулярызацыі ягонай творчасці – гэта адзін з кірункаў нашай бібліятэчнай работы.

Музейныя фонды ўжо налічваюць звыш 3 тысяч экспанатаў. Артэфакты розныя: ад бутэлек з відэльцамі – да кафелю, па якім хадзіў знаны творца. Чакаецца, што працы будуць завершаныя вясною 2015 года.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Валерыя Нікіфарава