У Варшаве адбудзецца свята беларускай культуры



Гасцей імпрэзы чакае насычаная праграма на самы розны густ і ўзрост. Інтэрактыўная праграма, кірмаш рамеснікаў, выступ фолк-рок-гурта „Relikt”… І гэта – далёка не ўсё. Дарэчы, уваход на падзею будзе вольным!

Пра фэст „Беларускі Спас”, а таксама нацыянальны каларыт сёння, мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі”, арганізатарам мерапрыемства Аляксеем Бурнасенкам:

– Гэта будзе такі прыемны, цёплы, „лампавы”, вечар – трошкі сямейны, трошкі рокавы. Прысвечаны беларускай культуры. Там будзе шмат музыкі, будзе шмат танцаў, будзе шмат беларускіх традыцыйных забаў і культуры. Калі гэта хоць трошачкі цікава, то запрашаем. Там будуць цудоўныя майстар-класы па беларускіх традыцыйных танцах, ад менскай школы „Танцаў народаў свету”, якая амаль цэлым складам зараз жыве ў Варшаве. Там будзе граць цудоўнейшы гурт рэлікт, якія спалучае беларускі фолк, сучасны рок, арт-рок. Канцэрт гурта „Relikt” можа цягнуцца нават цэлую гадзіну. Гэта проста неверагодна, што атрымалася запрасіць іх да нас. Там будуць розныя забавы для ўсіх узростаў, для зусім маленькіх дзетак, будуць для падлеткаў забавы, будуць для дарослых ужо больш традыцыйныя забавы, дзе больш фізічная моц, нейкая хуткасць трэба. Там будуць гандляры. Зараз мы працуем над пачастункам. Запрашаем усіх, каму цікава беларуская культура і беларускія традыцыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Дарэчы, імпрэза працягнецца да раніцы наступнага дня.

Беларускае Радыё Рацыя