У Варшаве адбудзецца вялікі канцэрт памяці Кулінковіча



Заўтра ў Варшаве пройдзе вялікі канцэрт, прысвечаны 50-годдзю Аляксандра Кулінковіча – лідара знакамітага панк-рок-гурта “Neuro Dubel”.

Бессмяротныя хіты калектыву са сцэны прыгадаюць вядомыя беларускія музыкі: Лявон ВольскіЮры Стыльскі, Аляксандр Памідораў, Дзяніс Тарасенка, Алесь Дзянісаў, Уладзімір Пугач і Алесь-Францішак Мышкевіч, а таксама гурт “Зьмяя”. Цёплыя словы са сцэны скажуць і родныя артыста.

“Мая сувязь з Сашам да гэтага дня не губляецца”, – кажа  родная сястра творцы Рыма.

– Саша для мяне вельмі блізкі чалавек, і не толькі як брат. Гэта быў мой самы адданы сябра. Цяпер я разумею, што гэта страта фізічная, я не магу да яго дакрануцца, абняць, паразмаўляць, але на нейкім астральным узроўні ён са мной да гэтай пары. Прыходзіць у снах, не часта, але ў нейкія адказныя моманты, калі стала пытанне – якім будзе помнік – пасля візіту да скульптара, ён прыйшоў да мяне ў сне і апісаў усё, як павінна быць, аж да тэксту на камяні. І прасіў не забыцца на яго пляшку. Праігнараваць я гэта не магла, і ўсё зрабілі, як ён прасіў.

Прыгадаць Аляксандра Кулінковіча і гурт “Neuro Dubel”, пачуць любімыя песні калектыву можна будзе заўтра, 18-га траўня ў “Klub Remont” (ul. Waryńskiego 12a).
Пачатак падзеі а 19:00.

Радыё “Рацыя” – інфармацыйны партнёр мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя