У Варшаве адкрылася выстава беларускіх мастакоў



З Наваполацка праз Беласток у Варшаву. У Беларускім Доме адкрылі выставу „Беларусы і Падляшша” (яе пашыраная версія „Ад сарматаў да Другой Рэчы Паспалітай”). Суарганізатарам якой з’яўляецца наш рэдакцыйны калега Аляксей Трубкін. Выстава складаецца з партрэтаў славутых асобаў – ваяроў ды дзеячаў культуры розных часоў.

dsc03879

Андрэй Мікалаеў

Карціны выкананы ў розных стылях, гаворыць Андрэй Мікалаеў, кіраўнік творчага аб’яднання „Жалезны воўк”:

Гэта наглядная дэманстрацыя эвалюцыі беларускага сучаснага партрэта. Усё пачыналася з „неасармацкага партрэта”, які мы аднавілі і ўпершыню выставілі 2006 годзе, а потым пайшло далейшае развіццё – гэта постсармацкі партрэт. І зараз новы жанр, назву мы не прыдумалі, але называем яго „BYart” – то бок беларускія дзеячы, асобы, проста цікавыя людзі, якіх мы малюем, людзі з гісторыі Беларусі, вядомыя і малавядомыя. 

dsc03868

Анатоль Зімніцкі і Аляксей Трубкін

Многія постаці адмыслова былі намаляваныя маладымі. Гэтак на палотнах Анатоля Зімніцкага Ларыса Геніюш выяўлена дваццацігадовай дзяўчынай, а Якуб Ясінскі – юнаком-студэнтам:

— У нас была мэта прадставіць дзеячоў маладымі. Калі я захацеў намаляваць Ларысу Геніюш, я знайшоў здымак, дзе яна ўжо сталая. Шпацыруючы па Наваполацку, я сустрэў знаёмую, якая была падобная да Ларысы Геніюш. Я запрасіў яе да сябе, спытаў, ці можна яе намаляваць? І ў мяне выйшла такая работа – вобраз Ларысы Геніюш дваццаці гадоў.

Таксама з Ясінскім, пачаў шукаць нейкага знаёмага. Хадзіў, хадзіў па горадзе, не знайшоў. Сеў сумны ў хаце, паставіў фарбы, разлажыў холст, неяк трэба рабіць. Трошкі я тут выдумаў, атрымаўся такі малады хлапец.

Плануецца, што пасля Варшавы выстава наведае іншыя еўрапейскія гарады, гаворыць старшыня арганізацыі „Беларуская нацыянальная памяць” Анатоль Міхнавец:

— Плануем, што выстава будзе вандраваць далей. Ёсць папярэднія дамовы. Лічу, што варта, каб яна праехала па дыяспары, каб людзі ведалі гэтых нашых гістарычных персонаў, і таксама я лічу, што гэта вялікая падтрымка для мастакоў, што іх карціны могуць выстаўляцца ў замежжы, у сталіцах еўрапейскіх краін.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава