У Варшаве адсвяткуюць Дзень Вайсковай Славы
У суботу, 9-га верасня, у Варшаве пройдзе Дзень Вайсковай Славы. Імпрэза будзе ўключаць марш і канцэрт і стане міжнароднай.
“Імпрэза прымеркаваная да гадавіны бітвы пад Воршай: там у 1514 годзе продкі беларусаў, палякаў і ўкраінцаў разам змагаліся супраць расейцаў. Таму аб’яднанні гэтых да краін далучыліся да свята”, – распавёў нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай суарганізатар мерапрыемства, прадстаўнік аб’яднання “Рух” Ян Рудзік.
— А 15:00 пачынаецца лекцыя „Размова з гісторыкамі“, што будзе адбывацца ў Музеі Вольнай Беларусі. Далей ува ўнутраным дворыку будзе адбывацца агульны збор, а потым марш па вуліцах Варшавы да Пляца канстытуцыі, дзе адбудзецца канцэрт і выступы палітыкаў і арганізатараў. З палітыкаў будзе толькі Зянон Пазняк, я выступлю ад „Руху“, таксама будуць выступы ад польскага і ўкраінскага бакоў. Арганізатары плануюць зрабіць наступную частку больш дынамічнаю, музычнаю, каб даць мажлівасць беларусам, палякам, украінцам адсвяткаваць гэтае свята, пагаварыць. Ад Палка Каліноўскага таксама будзе выступоўца. Якраз мы пабачылі навіны, што рэкрутацыя спыняецца часова — мяркую, што варта падтрымаць Полк Каліноўскага на гэтым свяце, бо ўсё ж такі, Полк Каліноўскага ўжо цяпер як нашая агульная каштоўнасць, гэтыя людзі. Яны робяць больш за ўсіх беларускіх палітыкаў разам: паказваюць, што беларусы не тое самае, што расейцы. І агулам, не толькі абараняюць нашую рэпутацыю ўва ўсім свеце, але і сваімі ўчынкамі, сваім жыццём здабываюць нашую перамогу.
РР: У вас будзе музычная праграма. Хто выступіць? І чаму гэтыя артысты?
— Гэдлайнерамі будуць „Дзецюкі“, бо вельмі файны гурт аб’ектыўна, на такую нацыянальную гістарычную тэматыку ўздымаюць пытанні ў сваіх творах — якія нячаста іншыя беларускія музыкі падымаюць. Таксама будуць прадстаўнікі ад Украіны, ад Польшчы.
Арганізатамі свята выступаюць аб’яднанні Рух, Полк Каліноўскага, Młode Kresy, Євромайдан-Варшава, а таксама Беларускі дом.
Беларускае Радыё Рацыя