У Варшаве два дні праходзіў фестываль „Прадмова” (абноўлена)
А завершылася „Прадмова” ў Варшаве рок-канцертам на плошчы перад Моладзевым хабам.
Выступае сям’я Бартосiкаў.
***
Уручэнне прэміі Алеся Адамовіча.
Сёлета вызначаны чатыры лаўрэаты прэміі імя Алеся Адамовіча за 2021 год: газета «Новы час», яе рэдактарка Аксана Колб і ўвесь калектыў газеты; кніга, прысвечаная расстраляным пісьменнікам 30-х гадоў ХХ ст, – «(Не)рассталяныя»; паэтычны дзённік Дзмітрыя Строцава «Беларусь перакуленая»; Вольга Шпарага з кнігай «У революции женское лицо. Случай Беларуси».
***
У Варшаве другі дзень адбываецца фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».
Сёлета ён упершыню праходзіць па-за Беларуссю – у Грузіі, Польшчы і Літве.
«У арганізацыі фестывалю мы ў асноўным разлічвалі на беларусаў, якія апынуліся апошнім часам у тых краінах, дзе праходзілі мерапрыемствы «Прадмовы», – кажа заснавальнік фестывалю і асноўны яго каардынатар Павел Баркоўскі:
– Стараліся супрацоўнічаць з нашымі культурніцкімі тут асяродкамі, каб зладзіць гэтыя імпрэзы як найлепей. Канешне, не ішла гаворка пра тое, што мы бяром нейкі дэсант і проста яго возім з горада ў горад і тым самым быццам паказваем, што Беларусь жыве. Не, была якраз адваротная ідэя, што мы даем магчымасць тым беларусам, якія знаходзяцца тут, у гэтай краіне, сабрацца разам, дзесьці натхніць адзін аднаго, натхніцца тымі, хто да іх далучыцца звонку і рухацца наперад.
Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» існуе з 2018 года. Летась фестываль не адбыўся. Сёлета арганізацыйны камітэт вырашыў ладзіць «Прадмову» па-за межамі Беларусі: у Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Завершыцца «Прадмова» 25-26 чэрвеня ў сталіцы Літвы.
Беларускае Радыё Рацыя