У Варшаве ладзяцца заняткі па беларускіх традыцыйных танцах



Заняткі па беларускіх традыцыйных танцах ладзяцца штосераду ў Варшаве.

“Далучыцца да нас можа любы ахвочы, незалежна ад таго, ёсць у вас досвед танцаў альбо не. Адзінае, што патрэбна – зручны абутак”, – кажуць арганізатары заняткаў, прадстаўнікі Школы беларускай традыцыйнай культуры Ганя і Наталка.

Мы агулам развучваем беларускія традыцыйныя танцы. Вучым іх з самага пачатку. То бок гэта не мусяць прыходзіць дасведчаныя людзі, супертанцоры. Прыходзіць чалавек, які хоча навучыцца беларускім традыцыйным танцам, пабыць у суполцы беларусаў, паразмаўляць па-беларуску і проста добра правесці вечар.

-Ёсць у нас танцы, дзе трэба мяняцца партнёрам. І гэта файна: ідзеш па колу, з адным прывітаўся, спытаўся, як справы. Потым з другім, трэйцім… А другое кола пайшло, і працягваеш той сказ дасказваць.

Арганізатары падкрэсліваюць, што апошнім часам на заняткі прыходзіць шмат хлопцаў. “Таму дзяўчат цяпер мы запрашаем асабліва настойліва. Чакаем вас! Будзе цікава!” – абяцаюць Наталка і Ганя.

Заняткі па беларускіх народных танцах ладзяцца штосераду з 18:00 да 20:00 у Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11).

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя