У Варшаве можна будзе пачуць песні Высоцкага
Фестываль “Зямля Высоцкага” пройдзе ў Варшаве. Міжнародны фестываль аўтарскай песні пад ганаровым патранатам пасла Беларусі ў Польшчы Аляксандра Авер’янава ўпершыню адбудзецца ў польскай сталіцы.
Свае песні публіцы прадставяць барды з Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і Расеі. Фестываль прымеркаваны да 78-й гадавіны народзінаў музыкі і паэта Уладзіміра Высоцкага.
Кажа дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Эдуард Швайко:
– Беларусь будзе прадстаўляць Вольга Залеская – паэтэса, музыкант, адначасова старшыня фонда “Маё асяроддзе” ў Менску. З Польшчы будзе Мурацкі, таксама бард Яўген Маліноўскі. Будзе каля васьмі ўдзельнікаў-артыстаў, якія непасрэдна прэзентуюць сваю творчасць, акцэнт будзе зроблены на творчасці Высоцкага. Пачынаем і спадзяемся, што гэта выкліча зацікаўленасць і дзякуючы нашым артыстам, якія прымаюць удзел у гэтым фестывалі, мы плануем, што яны падключаць свае сувязі, каб у наступным годзе фестываль быў яшчэ больш маштабны.
Фестываль “Зямля Высоцкага” адбудзецца 29-га студзеня ў Доме Культуры “Світ” у польскай сталіцы а 19-ай гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя