У Варшаве прайшоў кніжны кірмаш гістарычнай кнігі



Чатыры дні доўжыўся ў Варшаве кніжны кірмаш гістарычнай кнігі.

На ім працаваў і адмысловы стэнд беларускіх незалежных выдаўцоў, дзе адбываліся прэзентацыі беларускіх кніг. Сярод іншых тут была прэзентавана і кніжная серыя „Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Кажа літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч:

– Серыя „Бібліятэка Бацькаўшчыны” ўжо выходзіць не адзін дзясятак гадоў. Запачаткаваная яна была яшчэ ў пачатку 2000-х. Друкаваліся кнігі з удзелам французскіх беларусаў, беларусаў Брытаніі, выходзілі кнігі беларусаў Аўстраліі, беларусаў ЗША. У асноўнай серыі „Бібліятэкі Бацькаўшчына” выйшла амаль 50 кніг. У ёй шмат ад даследванняў Лявона Юрэвіча з нью-ёркскай бібліятэкі, ну і Наталлі Гардзіенкі, з якой яны разам напісалі ні адну кнігу.

Серыя „Бібліятэка Бацькаўшчыны” заснавана Згуртаваннем беларусаў свету „Бацькаўшчына” ў 2004 годзе з мэтай папулярызацыі ведаў пра беларускую дыяспару. У серыі друкуюцца кнігі, прысвечаныя беларускай дыяспары (гісторыі і сучаснасці, падзеям і дзеячам, арганізацыям і друкаваным органам). З гэтага году кнігі з гэтай серыі выдаюцца ў Беластоку фондам „Камунікат”.

Беларускае Радыё Рацыя