У Варшаве пройдзе “Партызан-Рок”
У Варшаве ў гэтую суботу адбудзецца музычны фэст “Партызан-Рок”. У канцэрце возьмуць удзел беларускія гурты “Брутто”, “Крамбамбуля”, “Дзецюкі”, а таксама сумесны беларуска-польскі музычны праект “Ганьбюкі”.
Пра тое, ці проста арганізоўваць канцэрты беларускіх гуртоў у Варшаве, расказвае мастацкі кіраўнік кампаніі “МузТур” Яўген Новаш.
РР: Як увогуле ўзнікла ідэя фэсту?
Яўген Новаш: “Партызан-Рок” – гэта даўняя ідэя гурта “Брутто”. Хлопцы яе развівалі ў Кіеве, але з-за нейкіх абставінаў фэст там не адбыўся. Пасля прадзюсар “Брутто” Антон Азізбекян прапанаваў гэтую ідэю адрадзіць, і я яе падтрымаў разам са сваёй камандай “МузТур”. Гэта будзе больш беларускі фестываль. Гурты з’яўляюцца флагманамі альтэрнатыўнай сцэны. У кожнага з іх ёсць моцная пратэстная праграма. У той жа час, калектывы розныя па стылістыцы, але іх аб’ядноўвае агульная ідэя.
РР: Чаго чакаць слухачам і гледачам на варшаўскім канцэрце?
Яўген Новаш: Што тычыцца “Крамбамбулі”, мяркую, што прагучаць іхныя старыя кампазіцыі, песні з сольнай творчасці Лявона і галоўныя кампазіцыі з “Партызанскага альбома”. У “Брутто” будзе традыцыйная праграма. У іх выйшаў укаінскамоўны сінгл, я спадзяюся, што гэтая песня прагучыць ужо на нашым фестывалі. І песні “Ляпісаў” перыяду рэвалюцыйнага фармату. Вельмі радуюць “Дзецюкі”. Прыадкрыю сакрэт, – я з’яўляюся прадзюсарам гэтага гурта. Прагучыць новая песня на верш Караткевіча і песня, якая не выконвалася раней “Дзецюкамі”, яе выконвала група “Кальян”, – “Радыёактыўны снег”, але ў версіі “Дзецюкоў”. Гэта будзе эксклюзіўная рэч. Магчыма ў выкананні гэтага гурта яна больш ніколі не будзе выконвацца. Таксама выступяць “Ганьбюкі” – гэта беларуска-польскі праект, сумесная творчасць гуртоў “Дзецюкі” і “Ганьба”. Прагучаць песні абодвух гуртоў у сумеснай панк аранжыроўцы. Будзе дастаткова цікава.
РР: Увесну вы ўжо арганізоўвалі канцэрт у Варшаве з удзелам “Дзецюкоў” і “Брутто”. Ці атрымалі арганізатары таго, чаго чакалі?
Яўген Новаш: Быў вялікі канцэрт, шмат людзей, быў сапраўдны аплот свабоды ў цэнтры Варшавы. Усё атрымалася, быў выдатны гук. Нас усё задавальняе, музыканты задаволеныя. Гледачы – таксама.
Нашыя праекты не з’яўляюцца фондавымі, грантавымі. Мы прыдумваем ідэю, і спадзяемся толькі на свае сілы, на сілы сваёй каманды, якую я хачу падзякаваць у асобе сваёй жонкі Марыны Калеснікавай, Мікіты Герасімовіча, Аляксея Бука, Дзяніса Кляпацкага, дзякуй, безумоўна, Польскаму консульству за візавую падтрымку.
Мы вельмі радыя, што праект “Партызан-Рок” атрымаўся. Засталося зусім няшмат – гэта ваш удзел, паважаныя слухачы і гледачы.
Яшчэ пакуль не адбыўся першы фэст “Партызан-Рок”, як арганізатары ўжо вядуць перамовы наконт наступнага. Таксама кампанія “Муз-Тур” мае шмат планаў на правядзенне канцэртаў беларускіх гуртоў і выканаўцаў у Варшаве, Беластоку і Вільні.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя