У Варшаве выставілі няскончанае палатно Алеся Пушкіна
У Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» выставілі няскончанае жывапіснае палатно Алеся Пушкіна «Карціна Свабоды», паведамляе reform.by
Штогод 25 сакавіка, на Дзень Волі, мастак ладзіў перформанс на галоўнай плошчы роднага мястэчка Бобр: усталёўваў незавершанае палатно, змешваў фарбы на палітры і пісаў у прысутнасці рэдкіх гледачоў. Перформанс адбываўся на працягу больш як 25 гадоў. Мастак абяцаў скончыць твор, калі Беларусь будзе вольнай.
Галоўны персанаж карціны – жанчына, сімвал Беларусі, што пакутуе ад камуністычнага мінулага і дыктатарскай сучаснасці.
Алесь Пушкін – вядомы беларускі мастак, быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года і праз год асуджаны на пяць гадоў калоніі па абвінавачанні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў і распальванні варожасці. Спачатку пакаранне адбываў у івацэвіцкай калоніі, а потым быў пераведзены на турэмны рэжым у Гародню, дзе памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця.