У Вільні прайшоў кірмаш майстроў народнай творчасці



У межах Тыдня беларускай культуры ў Вільні на падворку Цэнтра беларускай культуры і супольнасці прайшоў кірмаш майстроў народнай творчасці. На ім можна было набыць вырабы з тэкстылю, скуры, бісеру, сувеніры з сімволікай, кнігі ды іншыя рэчы. Удзельнічалі як майстры-беларусы, так сябры з іншых краін.

Як кажа адна з арганізатарак кірмашу, Беларускі дом вяртаецца з вакацый, таму яны вырашылі расчыніць свае дзверы для сталых і новых сяброў менавіта з Дня тыдня беларускай культуры:

— Гэты тыдзень уводны, а з наступнага тыдня мы пачынаем сталую працу: з курсамі, школкамі, клубамі. Тыдзень беларускай культуры — такая ідэя, каб кожны дзень рэпрэзентаваў пэўны аспект беларускай культуры. Кірмаш арганізуюем мы, беларусы, з нашымі рознымі сябрамі розных нацыянальнасцяў: палякі, грузіны, літоўцы, украінцы. Такая вялізная кампанія.

Прывёз на кірмаш у Вільню прадукцыю з беларускай сімволікай са сваёй крамы і Андрэй Мялешка з Батумі:

— Я прыехаў сюды як прадстаўнік першай у Грузіі афлайн-крамы, што гандлюе беларускай і ўкраінскай сімволікай у Батумі. Мы прывезлі сюды тое, што мы робім у нашай майстэрні: розныя нашыўкі, значкі, кулончыкі з Беларуссю, бранзалеты. Прымаем замовы, бо ўжо ёсць замовы з Грузіі, каб мы высылалі сюды, у Вільню.

Падчас кірмашу ладзіліся гульні з дзецьмі, аквагрым, прайшоў канцэрт з удзелам Вольгі Гуз, інтэрнацыянальнага праекту Sun, And, Sea, Алесі Страцяйчук, Anna Jan Jazz Duo і Aляксандра Памідорава. А таксама наведнікі частаваліся вулічнай ежай – смачнымі цынабонамі, яблыкамі ў карамелі, набывалі мёд, „Напалеон” ды іншыя прысмакі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя