У Віцебскім драмтэатры знялі з рэпертуару спектакль, у якім скандавалі «Жыве Фландрыя!»
У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску з рэпертуару знялі спектакль «Тыль», ужо няма афішаў пастановак, якія былі ў раскладзе, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
Спектакль паставіў мастацкі кіраўнік тэатру Міхаіл Краснабаеў паводле п’есы Рыгора Горына, заснаванай на рамане Шарля Дэ Кастэра. На сцэне падчас спектакля акторы задзейнічалі чырвоныя стужкі і скандавалі «Жыве Фландрыя!».
Пастаноўка рыхтавалася да 95-годдзя тэатру. На ўрачыстую прэм’еру ў мінулую нядзелю запрасілі кіраўніцтва гораду і вобласці, а з Менску прыехалі міністр культуры Анатоль Маркевіч і начальніца галоўнага ўпраўленьня культурных мерапрыемстваў Ірына Дрыга.
Пасля прэм’еры Маркевіч уручыў калектыву падарункі і памятную грамату да юбілею Коласаўскага тэатру, аднак адразу пасля прэм’еры пастаноўку знялі з паказаў, а дырэктара тэатру выклікалі на размову ў Менск.
Фота: vitebsk.cc