У віцебскім тэатры “Лялька” паставілі “сакрэтную казку”
Пастаноўку мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра “Лялька” Віктара Клімчука і мастака Дзмітрыя Гаралевіча без перабольшання можна лічыць эксперыментальнай.
Найперш таму, што сцэнар спектакля “Мой вялікі маленькі Дзядуля” ствараўся незвычайным чынам, кажа кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатру Людміла Сіманёнак.
– Штуршком да яго стварэння стала апавяданне віцебскага пісьменніка Сяргея Рублеўскага “Тузік-гузік”. Асноўнай яго тэмай з’яўляецца любоў дзядулі да сваёй унучкі. А наша драматург Вольга Прусак стварыла сацыяльную п’есу пра адзіноту дзіцяці ў сучасным свеце.
Спектакль пра тое, што сучасныя дзеці вымушаны заставацца сам-насам са сваімі марамі і праблемамі, бо бацькі занятыя працай ды іншымі дарослымі справамі. Дый складаная дэмаграфічная сітуацыя не спрыяе таму, каб у дзіцяці было шмат сяброў-раўналетак або братоў ці сясцёр. Але свет дзяцінства заўжды чароўны і казачны, і яго адлюстраванне глядач бачыць у афармленні спектакля. Гэта яшчэ адзін эксперымент: выкарыстанне мультфільмаў, створаных у дзіцячай анімацыйнай студыі “Мы Ёсць!”, дзе займаюцца дзеці, што праходзяць лячэнне ў РНПЦ Дзіцячай Анкалогіі, Гематалогіі і Імуналогіі.
Назву “Мой вялікі маленькі Дзядуля” стваральніца п’есы Вольга Прусак тлумачыць наступным чынам:
– Дзядуля – гэта “дапаможнік” для маленькага чалавека пры пераходзе ў свет дарослага жыцця. І гэта абавязак дарослага чалавека ў адносінах да маленькага – перанесці яго ў новыя абставіны сацыяльнага свету дарослых, падтрымаць і зразумець душу маленькага чалавека.
На афіцыйную прэм’еру спектакля, які будзе цікавым і для маленькіх гледачоў, і для іх бацькоў, тэатр запрашае 22-га лютага. Але некалькі папярэдніх грамадскіх паказаў для віцебскіх школьнікаў ужо адбыліся, і доўгія воплескі напрыканцы засведчылі: спектакль падабаецца і мае ўсе шанцы затрымацца ў рэпертуары тэатра “Лялька” надоўга.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя