У Віцебску адкрыецца музей фатаграфіі
У Віцебску 23 чэрвеня ў час Міжнароднага конкурсу-фестывалю „ФотаКрок” імя Сігізмунда Юркоўскага адкрыюць музей фатаграфіі, паведаміў арт-дырэктар форуму Васіль Пруднікаў.
Музей таксама будзе мець імя вядомага фатографа XIX стагоддзя. Ён размесціцца ў цэнтры гістарычнай часткі горада па вуліцы Талстога, 7. Тут можна будзе паглядзець выставачную экспазіцыю, паназіраць за таінствам, якое праходзіць у „цёмным” пакоі, выпіць духмяную каву і сфатаграфавацца ў старадаўнім атэлье, атрымаўшы фотакартку ў стылістыцы ўзору фотасалонаў Віцебска XIX стагоддзя. Яго экспазіцыйная канцэпцыя будзе гучаць так – „Ад камеры-абскура да лічбавых пікселяў”.
„Музей фатаграфіі імя Сігізмунда Юркоўскага стане лагічным і дастойным працягам гарадской канцэпцыі музейнага развіцця па ўвекавечанні імя знакамітых гараджан, якія праславілі Віцебск на ўвесь свет”, – расказаў Васіль Пруднікаў.
Паводле яго слоў, ён стане не проста сховішчам прадметаў фотамастацтва і даследчым цэнтрам, але і новай прасторай гарадскога жыцця. А той, хто перадасць у дар старую фотакамеру, адбітак або фотаальбом, стане ганаровым дарыльшчыкам музея і атрымае памятны сертыфікат.
Фестываль „ФотаКрок” пройдзе з 20 па 24 чэрвеня. Чакаецца прыезд больш як 100 удзельнікаў з Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Азербайджана, Ізраіля і ЗША. У гэтым годзе Сігізмунду Юркоўскаму споўнілася б 185 гадоў, а яго вялікаму вынаходству – шторна-шчыліннаму затвору – 135.
„Мы прапанавалі фатографам стаць удзельнікамі фестывальнага конкурсу „Вытокі” і прысылаць здымкі, якія ўвасабляюць паняцце „Мая малая Радзіма”. Выставачная праграма таксама прысвечана тэме малой радзімы. У прыватнасці, экспазіцыя фотаздымкаў Леаніда Тугалева з Рыгі. У Віцебску нарадзіліся яго бацькі, і больш за 70 гадоў жыцця ён прыедзе ўсяго толькі другі раз на іх малую Радзіму”, – адзначыў арт-дырэктар фестывалю.
Таксама запланавана выстава работ фатографа з Калінінграда Алега Клімава. Яшчэ адзін расійскі фотажурналіст Уладзімір Вяткін наогул першы раз прадставіць гледачам у Віцебску свае работы, якія рыхтаваліся майстрам усё яго жыццё.
„Эксклюзівам фестывалю стане арыгінальная выстава адной фатаграфіі „Бягун у горадзе” Эля Лісіцкага (1926 год) з калекцыі культурнага праекта „РУС ПРЭС ФОТА” – рэдакцыйнага архіва часопіса „Савецкае фота”. Сімвалічна, што паказ выставы пройдзе непасрэдна ў будынку Музея Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, дзе працаваў Лісіцкі ў 1919-1921 гады па запрашэнні Марка Шагала. Яшчэ адной жамчужынай праграмы стане выстава „Сямейная фатаграфія Медалье. XIX стагоддзе, Віцебск”. Яна прысвечана сям’і Шмар’ягу-Лейба Медалье (1872 – 1938) – духоўнага рабіна Віцебска, галоўнага рабіна Масквы і Савецкага Саюза. Унікальнасць гэтай калекцыі ў тым, што тут прадстаўлены здымкі членаў сям’і ў выкананні ўсіх першых фатографаў Віцебска канца XIX стагоддзя, у тым ліку Сігізмунда Юркоўскага”, – растлумачыў Васіль Пруднікаў.
Таксама ў праграме фестывалю шэраг іншых выстаў, майстар-класы, лекцыі, творчыя сустрэчы, конкурсы, розныя актыўнасці. Фатографы атрымаюць магчымасць зняць горад з агляднай пляцоўкі ратушы. Маладыя калегі змогуць прадставіць экспертам свае работы і атрымаць ацэнку. Па выніках конкурсу-фестывалю традыцыйна збярэцца выстава „ФотаКрок па Віцебску” – рэзультат здымкі ўдзельнікамі фэсту горада, яго жыхароў і гасцей.
Як адзначыў Васіль Пруднікаў, галоўная задача фестывалю – паказаць аўдыторыі высокі ўзровень фатаграфічнай культуры праз выставы як класікаў фотамастацтва, так і лепшых работ сучасных фоталюбіцеляў на конкурснай аснове.
„ФотаКрок” традыцыйна збірае ўдзельнікаў і гасцей у час святкавання Дня горада. Гэта ўжо трэці форум фатографаў. Першы прайшоў у 2016 годзе.
Арганізатарам фестывалю выступіў Віцебскі мясцовы фонд фатаграфіі „ФотаКрок”. Падтрымку аказалі дэпутацкі корпус Палаты прадстаўнікоў, аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, грамадскія і культурныя арганізацыі, установы адукацыі і культуры, шэраг камерцыйных кампаній.