У Віцебску адкрылася “Майстэрня Дзеда Мароза і Снягуркі”
Такую назву мае выстава-продаж, якая праходзіць у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Творы каляднай і навагодняй тэматыкі прадстаўляюць майстры і рамеснікі з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці, а таму кожны наведнік знойдзе тут і памятны сувенір для сябе, і падарунак для сяброў ці знаёмых.
Бо выбар вялікі, і кошты не надта высокія, кажа Таццяна Лабкова, вядучы метадыст па народных промыслах:
– Тэхніка разнастайная – і вязанне, і кераміка, і пляценне, і вырабы з дрэва. Кошты ад аднаго рубля – гэта ёлачныя цацкі і маленькія ёлкі, тэкстыльныя, вязаныя… Самая дарагая рэч каштуе 35 рублёў – гэта пляценне з паперы.
Значная частка асартыменту – гэта сувенірныя мышкі, сімвал будучага года паводле кітайскага календара. Ёсць мышкі з саломкі, мышкі з тканіны, керамічныя мышкі і нават салодкія мышкі-пернікі.
Драўляных распісных мышак, якія могуць упрыгожыць ялінку, прадае Уладзімір Рамановіч – многія чулі пра ягоны брэнд “Belarusam.by”:
– Паглядзелі, што па кітайскім календары будзе год мышы, і вырашылі зрабіць драўляных мышак і апрануць іх – распісаць – у вышыванкі, у нашы беларускія нацыянальныя строі. На падарунак ці сабе, ці камусьці з калегаў, з кім працуеце. Думаю, што і для дзетак гэта будзе цікава. Яны з беларускай сімволікай.
На выставе-кірмашы можна не толькі нешта набыць: тут будуць праходзіць прадстаўленні батлейкі, і выступоўцы таксама прыедуць з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Запланаваныя таксама і майстар-класы, дзе можна навучыцца рабіць ёлачныя цацкі або навагоднія паштоўкі з выцінанкамі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя