У Віцебску адкрылася выстава малюнкаў Васіля Быкава



У музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча 29 верасня адкрылася выстава мастацкай спадчыны Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Творчасць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава заўсёды прыцягвала ўвагу аматараў літаратуры. Але няшмат хто ведае, што вядомы беларускі літаратар спрабаваў свае творчыя сілы і ў выяўленчым мастацтве. Гэта асобная старонка творчай біяграфіі Васіля Быкава.

Будучы пісьменнік захапляўся маляваннем з дзяцінства. “Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — сведчыць Васіль Быкаў у мемуарнай кнізе “Доўгая дарога дадому”. — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых”. У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць вучобу. Пасля дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Менск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкае вучылішча. Але ў выніку патрапіў у Гародню, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях.

Стаўшы выбітным пісьменнікам, Васіль Быкаў заўсёды знаходзіў час для алоўка, пэндзля і паперы. Такія мастацкія практыкаванні, якія Быкаў іранічна называў “мастацкі зуд”, былі яго пажыццёвым захапленнем. Аднак пры яго жыцці ведалі пра гэта бадай толькі родныя ды блізкія сябры. Родныя з дзяцінства мясціны, успаміны пра вайну, жыццёвыя ўражанні, прыемныя і не вельмі прыемныя выпадкі з уласнага жыцця, самаіранічныя здзекі, працэс засваення аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах пад Менскам – усё гэта “ахапіў” аловак Васіля Быкава. На выставе «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» прадстаўлены менавіта такія работы. Кожная з іх па-мастацку дакладна і яскрава сведчыць пра жыццёвыя падзеі славутага пісьменніка.

Выстава працягнецца да 13 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя