У Віцебску адкрылася выстава твораў Аляксандра Дасужава



У Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстава памяці віцебскага мастака Аляксандра Дасужава.

Было не проста стварыць экспазіцыю, бо пасля смерці мастака яго карціны дзеці звезлі ў Санкт-Пецярбург, дзе зараз жывуць. Прыйшлося збіраць з усіх месцаў, штосьці ў Віцебску засталося, – кажа дырэктарка музея Вольга Акуневіч:

– Некалькі твораў у зборы Віцебскага краязнаўчага музея захоўваецца, 12 твораў нам даў на гэтую выставу часова Музей цэнтра сучаснага мастацтва і з асабістых калекцый ягоных сяброў – Аляксандра Малея і Мікалая Дундзіна. І так атрымалася вельмі нядрэнная выстава. Хаця вядома ж Аляксандра Дасужава трэба паказваць у вялікіх залах. Спадзяюся, што калі-небудзь яго ўнукі прывязуць у Віцебск выставу твораў Аляксандра Дасужава.

Выстава Аляксандра Дасужава была арганізавана ў межах святкавання 100-годдзя УНОВІСа – авангарднага мастацкага аб’яднання, якое ў 1920 годзе ў Віцебску стварыў славуты Казімір Малевіч.

 

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя