У Віцебску адзначаюць 134-я ўгодкі Марка Шагала



Традыцыя ўшанавання памяці славутага земляка была запачаткавана 30 гадоў таму: у 1991-м годзе было прынята рашэнне  пра ўшанаванне памяці Марка Шагала ў ягоным родным горадзе.

Віцебскі музей Марка Шагала запрашае ўскласці кветкі да помніка мастаку на ягонай роднай Пакроўскай вуліцы, а потым дылучыцца да святкавання ў музейным дворыку. Для прыхільнікаў творчасці мастака і знаўцаў ягонай біяграфіі падрыхтаваная адмысловая квест-віктарына, перад гледачамі выступіць аркестр дзіцячай школы мастацтваў №2.

А таксама ахвотныя змогуць сфатаграфавацца з “жывёлінай шагалаўскай пароды” – гэта “фішка” сёлетняга святкавання, кажа дырэктарка музея Ірына Воранава:

– Марк Шагал вельмі часта маляваў жывёлаў, але мастацтвазнаўцы не  заўсёды могуць вызначыць, ці гэта жарэбчык, ці вослік, ці козачка… Бо ў мастака такі сабіральны вобраз. І ў гэтым годзе мы ўбачылі нібыта жывое ўвасабленне гэтай жывёліны – гэта малыш ламы, які нарадзіўся ў віцебскім заапарку. Ну вельмі падобна!  

З нагоды дня народзінаў мастака, які прынёс Віцебску сусветную вядомасць, 7-га ліпеня  Дом-музей Марка Шагала і Арт-цэнтр Марка Шагала прымаюць наведнікаў бясплатна.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск